ЗО́ЛАТА САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Au. Прымесі серабра, медзі, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычныя, дадэкаэдрычныя або кубічнай формы. Агрэгаты ў выглядзе зерняў, лускавінак, лісцікаў, суцэльныя масы і інш. Колер ярка-жоўты, з прымесямі — бледна-жоўты, чырванавата-жоўты, зеленаваты. Бляск металічны. Цв. 2—3. Шчыльн. 15,6—19,2 г/см3. Коўкае, цягучае, пластычнае. Адрозніваюць: тонкадысперснае (да 10 мкм), пылападобнае (5—10 мкм), дробнае (0,05—2 мм) і буйное (больш як 2 мм, у т.л. самародкі). Трапляецца ў карэнных (гідратэрмальных) радовішчах з кварцам і пірытам, у пегматытах і россыпах. На Беларусі рудапраяўленні З.с. вядомы ў россыпах, трапляюцца ўключэнні ў пародах крышт. фундамента.

У.Я.Бардон.

Золата самароднае.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)